ЦЭ́НЗЫ ВЫ́БАРЧЫЯ,
устаноўленыя канстытуцыямі дзяржаў або выбарчым законам умовы для атрымання або ажыццяўлення выбарчага права. Існуюць Ц.в.: узроставы, грамадзянства, пісьменства, маёмасны, адукац., аселасці, палавы, нац., расавы, службовы, моўны. Маёмасныя, палавыя, нац., расавыя, моўныя Ц.в. маюць дыскрымінацыйны характар і несумяшчальныя з дэмакр. прынцыпамі выбарчага права. Некаторыя Ц.в. самі не з’яўляюцца дыскрымінацыйнымі, але могуць быць выкарыстаны ў дыскрымінацыйных мэтах (напр., пры празмерным завышэнні цэнзу аселасці). На Беларусі грамадзяне карыстаюцца ўсеагульным, роўным і прамым выбарчым правам. Выключэнні; грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх у адпаведнасці з крымін.-працэсуальным заканадаўствам выбрана мера стрымання — утрыманне пад вартай. Ц.в. ўзроставы, грамадзянства, службовы дзейнічаюць у пэўных выпадках для асоб, якія выбіраюцца ў выбарныя дзярж. органы. Гл. таксама Пасіўнае выбарчае права.
т. 17, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)